УНІВЕРСІТЭ́Т АРГАНІЗА́ЦЫІ АБ’ЯДНА́НЫХ НА́ЦЫЙ (УААН),

міжнародная супольнасць вучоных, якія займаюцца даследчай працай, падрыхтоўкай аспірантаў і распаўсюджаннем ведаў дзеля садзейнічання мэтам і прынцыпам Статута ААН. Засн. ў 1973. У цяперашні час дзейнасць УААН сканцэнтравана вакол 4 кірункаў: развіццё; ахова навакольнага асяроддзя; роля ўрадаў ва ўмацаванні міру; навука і тэхніка. Акад. дзейнасць ажыццяўляецца Акадэмічным аддзяленнем пры Цэнтры УААН у Токіо, а таксама Сусв. ін-там УААН па даследаваннях эканомікі развіцця (Хельсінкі; займаецца сац.-эканам. даследаваннямі, арыентаванымі на распрацоўку палітыкі вырашэння глабальных праблем); Ін-там новых тэхналогій УААН (Маастрыхт, Нідэрланды; вывучае сац.-эканам. ўздзеянне новых тэхналогій, асабліва ў краінах, якія развіваюцца); Міжнар. ін-там УААН па праграмных тэхналогіях (Аамынь, Кітай; канцэнтруе ўвагу на сумесных перадавых праектах у галіне даследаванняў і развіцця, на развіцці аспіранцкай адукацыі, пашырэнні бясплатнага спецыялізаванага праграмнага забеспячэння і публікацый); Ін-там УААН па нац. рэсурсах у Афрыцы (Легон, Гана; развівае навук.-тэхн. магчымасці па кіраванні рэсурсамі кантынента); Ін-там перспектыўных даследаванняў УААН (Токіо; даследуе праблемы экарэструктурызацыі пры арыентаванні на ўстойлівае развіццё, а таксама прынцыпы шматбаковых адносін у кіраванні); Праграмай УААН па біятэхналогіі для Лац. Амерыкі і Карыбскага басейна (Каракас); Міжнар. сеткай УААН па водных рэсурсах, ахове навакольнага асяроддзя і здароўя (Гамільтан, Канада); Міжнар. акадэміяй кіравання (Аман).

т. 16, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)